На тым краю зямлі і ўночы сонца свеціць, і воблакі плывуць, нібыта караблі. А ўдзень гарыць-гарыць між зорак срэбны месяц на тым краю зямлі, на тым краю зямлі.
На тым краю зямлі вясёлкавыя коні лятаюць за дажджом на крылах. А калі за бураю памчаць – няма хутчэй пагоні на тым краю зямлі, на тым краю зямлі.
На тым краю зямлі спагаду і сумленне калыша лістапад на залатой раллі, і Богу не чуваць адчайнага малення на тым краю зямлі, на тым краю зямлі.
На тым краю зямлі няма ні слёз, ні гора. Там залаты палац да неба узвялі. I п’ецца, як віно, вада-вадзіца з мора на тым краю зямлі, на тым краю зямлі.
На тым краю зямлі не тое, што на гэтым, тутэйшыя датуль законы не дайшлі – жывуць, як каралі, аблудныя паэты на тым краю зямлі, на тым краю зямлі.
На тым краю зямлі спакуслівага многа, ды сцежкі нам туды хмызамі зараслі. ...А можа і няма нікога і нічога на тым краю зямлі, на тым краю зямлі.
|